КЕСО́ННАЯ ХВАРО́БА,

від дэкампрэсійнай хваробы, якая ўзнікае пры хуткіх пад’ёмах на паверхню з вял. водных глыбінь. Бывае пасля кесонных і вадалазных работ пры парушэнні правіл дэкампрэсіі (паступовага пераходу ад высокага да нармальнага атм. ціску). Адрозніваюць лёгкую, сярэднюю і цяжкую формы К.х. Прыкметы: сверб, болі ў суставах і мышцах, галавакружэнне, парушэнні мовы, зацямненне свядомасці, паралічы. Лячэнне: рэкампрэсія ў лячэбных шлюзах (паўторнае ўздзеянне на хворага павышаным ціскам да ўзроўню, пры якім знікаюць сімптомы К.х.).

т. 8, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)